Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

История Начи

Дата: 2 декабря 2012 в 12:54, Обновлено 1 февраля 2022 в 20:38
Автор: Куель А. Ч.

На паўночным захадзе Беларусі, ля самай мяжы з Літоўскай Рэспублікай размясцілася вёска Нача (Гродзенская вобл., Воранаўскі р-н.). Першыя пісьмовыя звесткі аб Начы адносяцца да 1517 года, але згодна з археалагічным даследаваннем вядомага беларускага археолага, выхадца Начы Вандаліна  Шукевіча, першыя людзі тут пасяліліся 4-4.5 тысяч гадоў таму. Знойдзены стаянкі і могільнікі ва ўрочышчы Плітніца (1-2 ст. н.э.), Ланкішкі (6-8 ст., 12-16 ст.), ля вёсак Пузелі, Сабалюнцы. У ваколіцах вёскі знойдзена шмат свідраваных сякер, якія датуюцца 2-ой палавінай 3-га – пачаткам 1-га тысячагоддзя да н.э.

Існуе некалькі версій паходжання назвы. Адныя расказваюць легенду, што некалі праз гэтыя мясціны ішлі купцы. Дарога вяла праз пушчу, дзе ўладарылі бандыцкія шайкі, якія рабавалі купцоў, таму, падыходзячы да гэтага месца, купцы казалі: “Ну, началось!” альбо “Ну, начинается!”. Іншыя ж кажуць, што купцы скардзіліся не на бандытаў, а на дрэнныя дарогі ў гэтых мясцінах. Навукова версія сцвярджае, што яна мае паходжанне ад балцкага “nasus” – урадлівасць.
У 1517 годзе Нача – айчызная ўласнасць Венсела Станьковіча і Марціна Радзівілавіча, якую яны прадалі гаспадарскаму барыну Радунскага павета Шымку Міктавічу. У 1526 годзе маёнтак - уласнасць Януша і Марыі Касцевіч. Пасля смерці мужа Марыя заснавала тут парафію і пабудавала касцёл. Далей пасля 1559 года Нача належыла Кішкам і магнатам Радзівілам. З 1631 года заселена татарамі, нашчадкі якіх і па сённяшні дзень жывуць у суседняй вёсцы Некрашунцы. У 1690 годзе маёнтак  – уласнасць лідскага архітэктара Людвіга Даўгірда. З 1795 года Нача была ў складзе Расійскай імперыі. У лютым 1863 года тут быў сфарміраваны паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Людвіка Нарбута. У 1920-1922 гг. – у складзе сярэдняй Літвы, а затым у складзе Польшчы. З 1939 года Нача - ў складзе БССР, а з 1991 года, пасля атрымання незалежнасці,- у складзе Рэспублікі Беларусь.
Зараз насельніцтва вёскі (адпаведна перапісу 2004 года) налічвае прыкладна 444 чалавека, у вёсцы налічваецца 167 двароў. Працуюць 2 крамы, дзяржаўная і прыватная, касцёл, бібліятэка, Сельскі цэнтр нацыянальных культур, УА”НПК Нацкі дзіцячы сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа”, філіял “Беларусбанка”, Белпошта, фельчарска-акушэрскі пункт, пагранічны пост. З 2007 года адносіцца да Доцішскага сельскага савета.

Няхай Нача і невялікая вёсачка, але яна вельмі багатая на гістарычнае мінулае: помнікі архітэктуры, знакамітыя людзі, падзеі гістарычнай важнасці. Гонарам і адначасова візітоўкай вёскі з’яўляецца касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі, якому ў гэтым годзе спаўняецца 100 год з дня пабудовы, а парафіі – 480 год з дня заснавання.

Парафія і касцёл у Начы ўзніклі ў снежні 1529 года. Заснавальніца парафіі – Марыя, удава па Янушу Касцевічу, з ваяводства Падляскага. Гэты касцёл служыў вернікам больш чым 200 год. Гэты касцёл быў зруйнаваны, а на яго месцы ў 1750 годзе ксяндзом Юзафам Кучэўскім быў пабудаваны новы касцёл, таксама драўляны. Ён меў тую ж даўжыню, што і папярэдні – 33 метры, шырыню – 18 метраў, быў закладзены пад прызывам Беззаганага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі, пакрыты і ашаляваны дошкай.
Наступныя значныя змены ў жыцці парафіі звязаны з дзейнасцю братоў ксяндза Юрыя (Ежы) Готаўтта і вікарыя Дамініка Готаўтта.  Пры іх быў перабудаваны гэты касцёл і крыху  павялічаны, а таксама пабудавана шэраг прыкасцельных пабудоў. Іх дзейнасць прыпала на гады паўстання 1863-1864 гг. Затым прыкладна з 1872 года нацкім пробашчам стаў Адам Сакалоўскі, які прабыў тут ажно да 1909 года. Пры ім была пабудавана ў 1892г плябанія, будынак якой захаваўся да нашага часу, і ў 1900-1910 гг новы цагляны касцёл, які зараз з’яўляецца гонарам вёскі.
“Віленская рымска-каталіцкая кансістэрыя ўказам ад 21 красавіка 1900 года за №3051 дазваляе пабудову новага каменнага касцёла ў вёсцы Нача” – сведчаць дакументы. Касцёл быў закладзены пад прызывам Прасвятой Дзевы Марыі Беззаганнага Зачацця і св. Юрыя Мучаніка, пабудаваны ў 1909г дзякуючы ахвяраванням верных парафіян а асвечаны ў 1910г. 29 чэрвеня 1915г. падчас урачыстасці св. Апосталаў Пятра і Паўла ў касцёл была прывезена і ўсталявана фігура Пана Езуса ў рост чалавека, у белым убранні. Гэтая фігура зараз засланяецца абразам св. Юрыя Мучаніка. Гісторыя парафіі звязана з дзейнасцю ксяндзоў Яна Кузьмінскага, Казіміра Шылэйка, які пабудаваў у 1932г. Дом Людовы (будынак сучаснага Дома культуры), Стэфана Вяжбоўскага, праца якога прыпала на апошнія гады, калі тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польшчы.
1 верасня 1939 г. пачалася другая сусветная вайна.  Нямецкія   войскі напалі на Польшчу. А 17 верасня таго ж года  з другога  боку ў Польшчу ўступіла савецкае войска і заняло Заходнюю Беларусь. У гэтай сітуацыі кс. Вяжбоўскі вырашыў уцякаць, бо некалькі разоў публічна крытыкаваў савецкі лад. У 1940г. быў прысланы ў парафію кс. Павел-Часлаў Дабулевіч. 22 чэрвеня 1941г нямецкае войска перайшло мяжу СССР, абстраляўшы аэрадром, які знаходзіўся ў Начы. Да касцёла нямецкая ўлада адносілася даволі лаяльна. Але ксёндз пазбягаў залішніх кантактаў з нямецкімі ўладамі. У час вайны быў пабудаваны каменны мур ля касцёла. Пасля заканчэння вайны хваля арыштаў прайшла таксама і па Нацкай парафіі, шмат жыхароў былі сасланы ў Сібір. У 1950 годзе памёр ксёндз Дабулевіч, як расказваюць жыхары, яго таксама хацелі арыштаваць, але ад хвалявання адбыўся сардэчны прыступ. Пасля гэтага плябанія, Дом Людовы і іншая маёмасць ксяндза перайшла ў уласнасць Саветаў. У гэтыя часы забаранялі хадзіць у касцёл, а тых хто парушаў забарону “чысцілі”, а часам і выганялі з працы. У гэтых умоваў было цяжка працаваць ксёндзу Яну Вінажэндзісу. Пры ім былі пафарбаваны сцены і столь у касцёле.
Далей доўгі час не было ксяндза. Парафіяне пісалі просьбы, і з часам да нацкага касцёла пачаў раз у месяц прыязджаць ксёндз Банкоўскі, які быў прызначаны ксяндзом у Асаве. З 1986 года прабошчам парафіі стаў кс. Ян Пяцюн, які на той час абслугоўваў 3 парафіі: Нача, Забалаць і Новы двор. Пры ім была абвешчана свабода веравызнання, і ксяндза пачалі запрашаць у школы, да касцёла пачало прыходзіць шмат людзей. У 2000г Нацкая парафія нарэшце атрымала свайго асабістага ксяндза. Ім стаў ксёндз Алег Дуль. За 7 год працы кс. Дуль падняў парафію, ім было зроблена вельмі шмат: пабудавана новая плябанія, адрамантаваны дах касцёла і могілкі пры касцёле, зроблена асвятленне касцёла, пры дапамозе Вількель Анатолія збудавана капліца ў вёсцы Салтанішкі, зроблены галоўны алтар у вёсцы Доцішкі і інш. Ксёндз Алег Дуль садзейнічаў духоўнаму развіццю моладзі. З 6 чэрвеня 2007г духоўным настаўнікам нацкіх парафіян з’яўляецца ксёндз Аляксандр Адамовіч.

 

Шмат гістарычных постацяў нарадзіліся ў ваколіцах Начы.

Тэадор Остык-Нарбут (1784-1864 гг.) ўнёс важны ўклад ў навуковую скарбніцу сваёй Радзімы. Нарадзіўся і пражыў большую частку свайго жыцця ў родавым маёнтку Шаўры Лідскага павета (сучасны Воранаўскі р-н, Гродзенская вобласць). Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віленскім універсітэце, скончыўшы матэматычна-інжынерны факультэт. Быў рознабаковай адоранай асобай: інжынер-фартыфікатар, археолаг, фалькларыст, краязнаўца, літаратар, паэт, гісторык, здольны гаспадарнік. Ведаў 9 еўрапейскіх моў. У час ваенных падзей 1806-1807, 1808-1809 гг. са Швецыяй, а таксама з Францыяй знаходзіўся ў арміі кадравым афіцэрам. За будаўніцтва батарэі на востраве Руген, за праяўленую ў баях мужнасць Нарбут атрымаў ордэн Ганны. Захапляўся нумізматыкай і геральдыкай. Сам вёў раскопкі курганоў і першым сярод археолагаў Беларусі даў ім вызначэнне як помнікам старажытнага пахавальнага абрада. Асноўным дасягненнем вучонага, безумоўна, з’яўляецца створаная ў 1835-1841гг. гістарычная праца “Dzieje starozytne narodu litewskego” (“Старажытная гісторыя літоўскага народа”) у 10-ці тамах. Як краязнаўца Нарбут пісаў пра старажытную гісторыю такіх блізкіх яму гарадоў, як Гродна, Навагрудак, мястэчка Крэва, Індура, асабліва Ліда. У час паўстання 1830-1831гг. распрацаваў планы захопу Вільні і Бабруйскай крэпасці паўстанцкімі атрадамі, адліў і перадаў паўстанцам некалькі гармат, ружжа, шаблі , амуніцыю. Састарэлым сустрэў паўстанне 1863-1864гг. Разам з жонкай Ванда-Алінай Шукевіч блаславіў на змаганне сваіх старэйшых дзяцей: Людовіка, Баляслава, Францішка, Тэадору.У яго было яшчэ чацвёра дзяцей: Аляксандр, Станіслаў, Амелія, Іанна, а трое памерла. За спачуванне паўстанню і непасрэдны ўдзел у ім сына, вучоны ў 1863г быў сасланы ў Вільню, дзе і памёр. Пахаваны ля касцёла ў Начы.

 Людовік (Осцік-)Нарбут (1830/1831-1863). Сын Тэадора Нарбута. Фарміраванне светапогляду юнага гімназіста праходзіла пад уплывам атмасферы бацькоўскага дому, дзе глыбока шанавалі паўстанцаў 1794 і 1831 гадоў. Скончыў Лідскае павятовае вучылішча, затым быў залічаны ў Віленскую губернскую гімназію, дзе стварыў невялікую тайную арганізацыю, якая прапагандавала вольналюбівыя ідэі. Па даносу аднаго з гімназістаў Л.Нарбута арыштавалі 29 сакавіка 1851 года. Быў сасланы ў войска, служыў у г Калуга, на Каўказе, удзельнічаў у Крымскай вайне. Пасля амністыі 1858 года ў чыне падпаручніка звольніўся і пасяліўся на Радзіме. Займаўся гаспадаркай, ажаніўся на Амеліі Седлікоўскай (у 1861г.). Праз малодшага брата-гімназіста Віленскай гімназіі Баляслава Л.Нарбут звязаўся з членамі Літоўскага правінцыяльнага камітэта, будучага арганізацыйнага цэнтра паўстання 1863-64гг. у Літве і на Беларусі. З пачаткам паўстання Людвіг Нарбут быў прызначаны ваенным начальнікам Лідскага павета. Ужо ў лютым 1863г. ён стварыў баяздольны атрад, у якім быў і штаб з кадравых афіцэраў, і лекары, і каплан-ксёндз Ю.Гарбачэўскі, таксама, акрамя самога Людвіга, брат Баляслаў, Уладзіслаў Пілецкі, студэнт Пецярбургскага універсітэта, 6 сялян, а сярод інсургентаў - мастак Міхаіл Эльвіра Андрыёлі і будучы класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Аўтарытэт Людвіга, разносіўся па наваколлі, гэтаму спрыялі паспяховыя баі з карнымі войскамі. Нават Назімаў у загадзе ад 12 красавіка 1863 года вымушаны быў прызнаць: “...всё кончено, в Литве порядок, остался один Нарбут...».  Нарбут быў прызначаны галоўнакамандуючым паўстанцкіх войскаў, але гэта прызначэнне не дайшло да яго, бо 4 мая ён мужна загінуў у баі ля в. Дубічы.

А.Яліцкаму належыць наступная словы: ”Каліноўскі - найвялікшы з рэвалюцыянераў, выразнік грамадскай думкі паўстання ў той жа меры, як Нарбут быў выразнікам духу і гераізму эпохі...”

 

“Вандалін Аляксанадравіч Шукевіч (1852-1919гг) з’яўляецца пачынальнікам навуковай археалогіі ў Заходняй Беларусі. Сёння ні адна абагульняючая праца па каменнаму або бронзаваму вяках не можа абысціся без спасылак на яго даследчыцкую спадчыну.” (Міхась Ларняўскі)
Яшчэ адным славутым дзеячам нашага краю з’яўляецца В.А.Шукевіч. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, працягваў вучыцца ў Вільні. Пад уплывам лекцыі прафесара Іосіфа Юндзіла зацікавіўся праблемамі антрапалогіі. З 1872г. жыў у сваім маёнтку, заняўся даследаваннем сельскагаспадарчай вытворчасці, арганізаваў гурток маладых гаспадароў, а затым пераключыўся на заняткі археалогіяй і этнаграфіяй. У 1880г. В.А.Шукевіч упершыню выявіў стаянкі першабытнага чалавека каменнага і бронзавага вякоў у міжрэччы Мерачанкі і Дзітвы. Пазней аб’ектам вывучэння сталі грунтавыя і курганныя пахаванні ля вёсак Нача,  Пузелі, Апонаўцы, Таўцішкі, Сабакінцы, Дварчаны і інш. Па падліках Ф.Д.Гурэвіча, Шукевіч раскапаў 392 пахаванні, сярод якіх 376 каменных магіл і 16 курганоў. Ён першы з беларускіх археолагаў раскапаў дзесяткі курганоў і каменных магіл тыпу жальнікаў. Затым поле яго дзеянняў пашыраецца. Вучоны даследуе помнікі археалогіі ў Віцебскай губерні : каля Віцебска, Лепеля, возера Дрысвяты, у Троіцкім павеце (сучасная Літва). У пачатку 20-га стагоддзя Вандалін Аляксандравіч Шукевіч склаў падрабязную археалагічную карту ваколіц в.Нача, на ёй пазначаны 72 стаянкі каменнага веку, а таксама археалагічныя помнікі бронзавага веку і эпохі ранняга феадалізму. Вераванням і іншым праявам духоўнага жыцця беларусаў, традыцыям іх культуры даследчык прысвяціў шмат артыкулаў.
Вандалін Аляксандравіч Шукевіч быў членам-карэспандэнтам Кракаўскай акадэміі навук, членам Віленскага таварыства сяброў навукі і Варшаўскага краязнаўчага таварыства. Сабраў багатую калекцыю археалагічных, нумізматычных і сфрагістычных прадметаў, частка якіх трапіла ў музеі Кракава, Варшавы, Масквы, Пецярбурга.

 

У Начы знаходзіцца  ДУА "Навучальна-педагагічны комплекс Нацкія яслі-сад -- сярэдняя школа"., будынку якой у гэтым годзе спаўняецца 40 год, а старому будынку – 70! Але пачнем з пачатку. Згодна з перапісам 1897 года ў Начы дзейнічала народнае вучылішча, навучанне ў якім вялося на рускай мове. З  1921г. у мястэчку пачала працаваць няпоўная сярэдняя школа (4 кл.), якая размяшчалася ў былым маёнтку Шукевіча(настаўнікі Гэлена Тышкуўна і Антановіч), а з 1932г у Доме Людовым (Насовічы Станіслаў Казіміравіч, Гэлена Казіміраўна і пан Вацлаў).
У 1939 быў пабудаваны спецыяльны будынак для школы (зараз будынак старой школы). Але пачалася вайна, і заняткі пачаліся толькі у 1946 годзе, на гэты раз на рускай і беларускай мове. У 1949г. ў школе працавала 6 настаўнікаў, а ў 1950г. школа стала сямігодкай. Дырэктарам была Мозаль В.М. У Нацкую школу ў 5-ы клас прыходзілі вучні з пачатковых школ вёсак Бялюнцы, Сабалюнцы, Постаўкі, Гінэлі, Міжанцы і Некрашунцы. У школе было каля 400 вучняў, таму вучыліся ў 2 змены. Электрычнасці не было, пакоі асвятляліся керасінавымі лямпамі. Неўзабаве на змену драўлянаму будынку быў пабудаваны новы цагляны, якому сёлета спаўняецца 40 год. Участак быў размечаны ў лістападзе 1967г, і ўвесну 1968г. пачалося будаўніцтва. Заняткі пачаліся ў школе ў кастрычніку 1969 года. Дырэктарам у той час быў Кастко Генадзь Паўлавіч. У хуткім часе школа стала адной з лепшых, яе вызначылі як базавую ў раёне.  Тут праводзіліся раённыя, абласныя і нават міжрэспубліканскія (з Літвой) семінары па адукацыі і харчаванні навучэнцаў. У розныя часы школу ўзначальвалі М.П. Буткевіч, К.А. Гарусава, В.М. Мозаль, М.М. Малашэвіч, Г.П. Кастко, М.М. Лях, Ю.А. Янкоўскі. 3 верасня 2007 года школу ўзначальвала Васіляўскайце Т.С.  З 2018 года узначальвае школу Кірша Г.В. Зараз школа называецца НПК “Нацкі дзіцячы сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа”
 У будынку школы знаходзіцца гістарычна-краязнаўчы музей імя Т. Остык-Нарбута. Адкрыты 17 лютага 2006 года. Заснаваны музей быў яшчэ ў 2000 годзе пры дапамозе вучняў і настаўнікаў. Спонсарскую дапамогу аказалі бацькі. Важны ўклад у стварэнне музея ўнёс мясцовы краязнаўца, былы настаўнік гісторыі Руль У.В., які перадаў музею кнігі, фотаздымкі, копіі прац, дапамог наладзіць сувязь з навукоўцамі, даваў слушныя парады ў падборы матэрыяла. На адкрыцці  17 лютага 2006 года прысутнічалі настаўнікі-ветэраны, дырэктары, якія кіравалі школай у розныя гады, дырэктары школ раёна, работнікі аддзела адукацыі, настаўнікі, вучні. Была прарэзана чырвоная стужка. Музей прыняў першых наведвальнікаў, экскурсію для якіх правялі вучні школы: Міклюкевіч І., Налівайка Ю., Язукевіч В., Янушкевіч В., Вайтоніс Л., Мікелевіч Н.
Музей размяшчаецца ў двух пакоях. У першым невялічкім пакоі створаны этнаграфічны куток, дзе змешчаны прадметы хатняга побыту, якімі карысталіся раней, нацыянальнае  адзенне, вышыўкі мясцовых умеліц, саматканыя дываны і інш. У наступным пакоі знаходзяцца экспазіцыі “І няхай пакаленні помняць…”, “З гісторыі школы”, “Нашы славутыя землякі”, а таксама нядаўна была створана экспазіцыя “І вера,і вечнасць”, прысвечаная гісторыі Нацкай парафіі і касцёла.

Помнікі і будынкі Начы:

-          Званіца з 1832 года, трывалая,  трэць складаецца з каменя, а частка драўляная. У вышыню складае 12 аршынаў, а ў шырыню і даўжыню па 6 аршынаў.
-          Жылы плябанны дом ад 1891 года, новы драўляны, пабудаваны з сасновага дрэва на каменным фундаменце, крыты гонтаю. У даўжыню 30 аршынаў, шырынёй 14 аршынаў, вышынёй у 4,5 аршына. З 1950 года ў ім у розныя гады размяшчаліся сельсавет, бальніца, садзік.
-          Дом Людовы з 1932 года. Створаны для адпачынку моладзі. 3 1950 года аддадзены пад дом Культуры.
-          Помнік паўстанцам 1863-1864 гг памерлым у баі ля в. Кавалькі. Знаходзіцца на пры касцельнай тэрыторыі.
-          Магіла Тэадора Нарбута. Знаходзіцца на пры касцельнай тэрыторыі.
-          Камень – на яго месцы раней стаяў стары касцёл, які знаходзіўся ў Начы да пабудовы цаглянага.
-          Могілкі ксяндзоў Юрыя Готаўтта і Паўла Дабулевіча. Знаходзяцца на пры касцельнай тэрыторыі.
-          Помнік загінуўшым у ВАв. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на перасячэнні вуліц Леніна і 17 верасня.
-          Капліца – радавое пахаванне Шукевічаў; гістарычны і архітэктурны помнік. Знаходзіцца прыкладна за 0.5 км на поўдзень ад вёскі. Уяўляе сабой прамавугольны будынак,накрыты двухсхільным дахам.

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.